УСЕ́ВАЛАД ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Андрэй; 1030—13.4.1093),
вялікі князь кіеўскі [1077, 1078—93]. Сын Яраслава Мудрага і Інгігерды (Ірыны) — дачкі швед. караля Олафа, бацька Уладзіміра Манамаха. Пасля смерці бацькі (1054) валодаў Пераяславам, Растовам, Суздалем і Белавозерам, разам з братамі Ізяславам Яраславічам і Святаславам Яраславічам удзельнічаў у ваен. паходах супраць торкаў, полаўцаў і Полацкага княства, у Нямігскай бітве 1067. Пасля смерці брата Святаслава ў 1077 атрымаў у спадчыну кіеўскі прастол, але саступіў яго Ізяславу і стаў князем чарнігаўскім. Пасля смерці Ізяслава (1078) вял. кн. кіеўскі. Беспаспяхова імкнуўся ўмацаваць адзінства Русі, велікакняжацкую ўладу. Адзін з найб. адукаваных рус. князёў, ведаў 5 моў. З удзелам братоў склаў т.зв. Праўду Яраславічаў (гл. Руская Праўда).
т. 16, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)